Модны кірмаш сабраў каля 1000 наведвальнікаў
У мінскім кафэ Loft ладзіўся калядны кірмаш дызайнерскай вопраткі і аксэсуараў Central Fashion Market. Мерапрыемства здзівіла неардынарным спалучэннем хатняй вопраткі для сну з валёнкамі ў адным з паказаў калекцый.
Наведнікаў было болей, чым разлічвалі арганізатары, але ніхто не наракаў – людзі арганізавана прасоўваліся па залі кафэ. Найбольшую ўвагу прыцягвала незвычайнае – гальштукі-матылькі, стыльная дзіцячая вопратка, смешныя цацкі, крэатыўныя гадзіннікі.Па ўсім было бачна, што наведнікі рыхтуюцца да святаў: людзі набывалі аксэсуары сабе і знаёмым, бралі адразу па некалькі асобнікаў падобных брошак-кветачак, цікавіліся цацкамі, мерылі ўпрыгожванні. Акрамя таго, заля кафэ Loft стала своеасаблівай бізнэс-прасторай, дзе нярэдка можна было пачуць, як бізнэсоўцы смежных галін дамаўляліся аб супрацоўніцтве з дызайнерамі. Іншыя прасілі візітоўкі, каб зрабіць замову на персаналізаваную рэч па памеры.
У межах Central Fashion Market адбылося два паказы. Сваю калецыю «Рэтра» прадставіла дызайнер Алена Ліванюк.
Брэнд Ka.vu і дызайнер Лора Паўлава спалучылі неспалучальнае – хатняю вопратку для сну з валёнкамі. Зрэшты, пытанне наконт несумяшчальнасці – спрэчнае.


Муж Лоры Паўлавай распавёў пра валёнкі, якія ўпрыгожвае дэкаратар:
– Гэта, напэўна, забытае старое, а любы fashion-рух мае падобную да спіралі форму развіцця. У той жа час, усяму нададзены новы вобраз, новы камфорт. Новая тэхналогія вытворчасці зрабіла гэты прадукт зручным для нашэння. Да таго ж валёнкі выглядаюць вельмі прэзентабельна.
Па словах мужа Паўлавай, валёнкі можна апранаць нават без шкарпэтак, таксама гэтым спосабам можна пазбавіцца ад хваробаў за адзін вечар. Прынамсі, па яго словах, так рабілі ў старажытныя часы.

Дэкаратар валёнкаў Лора Паўлава
Па словах арганізатараў, сабралася крыху болей за тысячу чалавек, у той час як чакалася ўдвая меней. Насамрэч, працаўнік гардэроба ледзь паспяваў спраўляўцца са сваёй працай, а жывы натоўп часам прымушаў рухацца толькі наперад.
Гальштукі-матылькі былі прадстаўлены толькі ў адной «кропцы», а таксама прыцягвалі сваёй яскравасцю. Ідэя заняцца дызайнам незвычайнага ў наш час элемента вопраткі нарадзілася выпадкова:
– Аднойчы мой напарнік Дзіма захацеў апрануць гальштук-матылёк, ал пасля доўгіх пошукаў у звычайных і інтэрнэт-крамах Мінска так нічога і не знайшоў. Таму мы вырашылі гэтым займацца. Спадабалася нам, спадабалася сябрам, і такі занятак вырас да памеру маленькага бізнэсу, – распавяла дызайнер брэнду Baboon.
Па яе словах, на дадзены момант асаблівай канкурэнцыі брэнд не адчувае.
На дызайнерскім калядным кірмашы аўтарскія гадзіннікі каштавалі 60 долараў, акуратныя скураныя торбачкі – 170 даляраў, штаны ад 50 да 100 долараў, восеньскія вясёленькія мужчынскія курткі каля 500 тысяч. Ваўняную сукенку можна было набыць за 170 у.а, а ўсё тыя ж валёнкі, у залежнасці ад мадэлі, прадаваліся па 150–200 долараў.
Дызайнер дзіцячага брэнду Sardinaba.by прызналася, што гэты сегмент рынку не з’яўляецца запатрабаваным у Беларусі, а калі яна шукае вопратку для сына, увесь час сутыкаецца з адсутнасцю выбара.– Вырашыла займацца такім малым бізнэсам, калі нарадзіла сына. На беларускім рынку дзіцячая вопратка або дорагая, або непрыгожая. Асабліва чамусьці не любяць хлопчыкаў, – падзялілася дызайнер.