Топ нашых брэндаў

Вы здесь

Local fashion Топ нашых брэндаў Мы выбралі маладыя і цікавыя беларускія брэнды адзення, за якія не сорамна. Глядзі наш топ.

Local fashion

Топ нашых брэндаў

Мы выбралі маладыя і цікавыя беларускія брэнды адзення, за якія не сорамна. Глядзі наш топ. 

 

 

My Happy Dress

Жаночае адзенне

 

Брэнд My Happy Dress быў заснаваны ў сакавіку 2010 года. Яго стваральніца Ганна Цэмкала паспяхова працавала ў сферы PR і ніякага дачынення да дызайну адзення не мела. Аднак арганізатарскія здольнасці дазволілі дзяўчыне знайсці людзей, якія дапамагаюць увасабляць ідэі, ды выпускаць міні-калекцыі жаночага адзення. Сярод заслуг Ганны таксама арганізацыя імпрэзы для маладых брэндаў і дызайнераў Central Fashion Market.

У планах – стварэнне першай вялікай калекцыі, правядзенне першага паўнавартаснага паказу, арганізацыя продажу ў інтэрнэце і выхад на рынкі суседніх краін.

Дзе набыць: шоў-рум Central Fashion Market (вул. Рэвалюцыйная, 7, 3-і паверх).

Кошт: сукенкі – $ 40–80, жакеты – $ 70–90, паліто – $ 150.

 

 

PaRus Jeans

Мужчынскае і жаночае адзенне

 

Брэнд PaRus Jeans быў створаны ў ліпені 2009 года Пашам Пекарчыкам і Русланам Хмяленкам. Назва брэнда – першыя літары імёнаў партнёраў. Дызайну хлопцы не вучыліся, а іх прафесійная дзейнасць вырасла з хобі. Сёлета PaRus Jeans плануе адкрыць яшчэ адну краму ў Менску і наладзіць супрацоўніцтва з шэрагам гарадоў у Расіі.

Дзе набыць: інтэрнэт-крама ParusJeans, крама PaRus у ГЦ «Зеркало» (вул. Веры Харужай, 6B), шоў-рум PaRus Jeans (зав. Калініна, 16), шоў-рум CFM, Newton fashion art buffet (вул. Кастрычніцкая, 16).

Кошт: штаны або джынсы – каля $ 100. Кошт эксперыментальных мадэляў з дарагіх тканін, якія ствараюцца ў адзінкавым экземпляры, – $ 150–300.

 

 

Julia Babiy

Жаночае адзенне

 

Заснавальніца брэнду Юлія Бабій – архітэктар паводле адукацыі, а дызайнерскія навыкі атрымала на конкурсах і стажыроўках у Менску, Маскве і Піцеры. Да стварэння сезонных міні-калекцый пад уласным брэндам яе падштурхнулі фэшн-маркеты.

У бліжэйшых планах Юліі – ператварыць брэнд з маладога і перспектыўнага ў стабільны і вядомы, для чаго, на яе думку, неабходна як мінімум узяць удзел у Belarus fashion week.

Дзе набыць: у аўтаркі, на сезонных модных маркетах і ў шоў-румах дызайнерскага адзення.

Кошт: $ 50–100.

 

 

 

Sardina Baby

Дзіцячае адзенне

 

Брэнд дзіцячага адзення Sardina Baby стварылі дзве сяброўкі дзяцінства Таццяна Ляўхненка і Яна Бітус. На заснаванне ўласнай маркі іх натхніла з’яўленне на свет сыноў. Яна Бітус скончыла БНТУ і працуе архітэктарам у Вялікабрытаніі, а Таццяна Леўхненка вучылася мадэляванню адзення ў БДАМ. У бліжэйшых планах дзяўчат – абсталяваць невялікі шоў-рум для сустрэч з кліентамі.

Дзе набыць: шоў-рум CFM, інтэрнэт-крама Emall

Кошт: Br 100–650 тыс.

 

 

Valenki-Lo

Дызайнерскія валёнкі

 

Дызайнер брэнда Valenki-Lo Лора Паўлава атрымала эканамічную адукацыю ў БДЭУ, аднак урэшце ажыццявіла сваю мару і зрабілася дызайнерам абутку. Кожная пара валёнак індывідуальная і ствараецца ўручную. Нават папулярныя Valenki-Lo Classic адрозніваюцца адзін ад аднаго, дый наўрад ці іх уладальнікі могуць сустрэцца: валёнкі разлятаюцца па розных краінах.

Дзе набыць: на сайце дызайнеркі – Valenki-lo

Кошт: Valenki-Lo Kids – ад Br 800 тыс., Valenki-Lo Classic – Br 1,5–2,5 млн., Valenki-Lo Art – ад Br 3 млн.

 

KILLTODAY

Сумкі і аксесуары з натуральнай скуры

 

Брэнд KILLTODAY быў заснаваны ў 2008 годзе, а назвай яму паслужыла словазлучэнне з песні Pink Floyd – Time: «You are young and life is long and there is time to kill today». «У гэтую песню закладзены глыбокі сэнс, які я нясу праз усё жыццё: кожная пражытая намі хвіліна ўнікальная, і нельга марнаваць час на дробязі», – сцвярджае дызайнерка брэнду Мілана Хасіневіч.

З адукацыі Мілана – мастак і выкладчык выяўленчага мастацтва, раней працавала дэкаратарам, мастаком-афарміцелем у абсалютна розных сферах. У бліжэйшай будучыні яна плануе стварыць новую вясновую калекцыю аксесуараў, знайсці ідэальнае памяшканне для працы, сабраць каманду максімум з пяці чалавек, адкрыць краму і пачаць прасоўванне брэнду на еўрапейскі рынак.

Дзе набыць: у суполцы «Вконтакте», на Central Fashion Market, у шоў-руме СFM.

Кошт: $ 20–200.

http://34mag.net/post/local-fashion/#comments_form