Удзел ў І Трыенале “Канцэпт” Беларускага саюза мастакоў
І Трыенале “Канцэпт” Беларускага саюза мастакоў адкрыецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” 18 лістапада 2021 года ў 18.00 і прадставіць гледачам зрэз работ самых розных мастацкіх практык вядомых і маладых беларускіх аўтараў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, якія актыўна працуюць сёння ў гэтым накірунку.
У экспазіцыі І трыенале “Канцэпт” прадстаўлены як асобныя работы, так і цэльныя праекты аўтараў у розных жанрах і тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фота, інсталяцыі, асамбляжы, арт-дызайн, відэа-арт, перформансы і іншыя мастацкія практыкі. Мы даем слова творчасці, якое адчувае сябе ўтульна па-за традыцыйнымі класічнымі рамкамі, стварае новыя формы і новыя сэнсы. Выстава мае рэспубліканскі характар, да ўдзелу запрошаны як прафесійныя мастакі, так і студэнты і ўсе жадаючыя, якія прайшлі папярэдні адбор Беларускага саюза мастакоў.
Сёння мастацтва, адлюстроўваючы сучасную рэчаіснасць, нясе ў сабе магутны зарад схаваных сэнсаў – філасофскіх, сацыяльных, іранічных, іррацыянальных... Нярэдка ідэя ідзе наперадзе выканання. Але часта і мастакам удаецца знайсці “залатую сярэдзіну”, каб яскрава адлюстраваць глыбокую і неардынарную задумку. І тады гледачы, якія ўжо прывыклі да “гульняў розуму”, маюць магчымасць атрымаць асалоду і ад інтэлектуальных загадак, і задавальненне ад адмысловай рэалізацыі. У І Трыенале “Канцэпт” прымае ўдзел каля 200 аўтараў. Кожная з работ прадстаўляе асобныя канцэпты, у якіх ёсць эксперыменты з формай, пластыкай, колерам, святлом, гульня с сэнсамі і зместамі. Гледача чакаюць метамарфозы, трансфармацыі, актуалізацыі, ператварэнні. Скульптура і кераміка набываюць рысы арт-аб’ектаў, жывапіс арганічна становіцца асамбляжам, а тэкстыльныя кампазіцыі – пластыкай мікс-медыя.
У прасторы Палаца мастацтва могуць пазнаёміцца і з цэльнымі праектамі асобных аўтараў. Так, арт-праект “Luminarium” гродзенскага мастака Аляксандра Балдакова аб’ядноўвае серыю арт-аб’ектаў, графічных кампазіцый і прасторавых структур аптычнымі якасцямі святла і яго мастацкай трансфармацыяй. Праект “Залежнасць” віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч, рэалізаваны Віцебскім цэнтрам сучасных мастацтваў, прадставіць яе жывапіс і канцэптуальныя аб’екты ў стылістыцы “трэш-арт”.
Асобныя праекты І Трыенале “Канцэпт” адкрыюцца на іншых пляцоўках горада ў фармаце фестываля мастацтва. Партнёрамі Беларускага саюза мастакоў з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва, Арт-гасцёўня “Высокае месца”.
Праграма фестываля
19 лістапада – Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, выставачны праект “Designatum” (скульптура, графіка). Адкрыццё ў 17.00 25 лістапада – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, выставачны праект “Movement” (жывапіс з калекцыі ГА “БСМ” і работы выставачнагапраекта І Трыенале “Канцэпт”). Адкрыццё ў 17.00 1 cнежня – Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва, выставачны праект старэйшага беларускага мастака-авангардыста “Аляксандра Салаўёў. Як ёсць…” Адкрыццё ў 18.00 8 снежня – Арт-гасцёўня “Высокае месца”, выстава эксперымыентальнага тэкстылю “Tex-experience”. Адкрыццё ў 18.00
Перыяд працы цэнтральнай экспазіцыі ў Палацы мастацтва: з 19 лістапада па 16 снежня 2021 года Час працы цэнтральнай экспазіцыі: 11:00 – 20:00, выходны – панядзелак.
Адрес: г. Мінск, ул. Казлова, 3 (Палац мастацтва).